у Расійскай Федэрацыі, паўанклаў. Мяжуе з Літвой і Польшчай, на З і ПдЗ абмываецца Балтыйскім м. Утворана 7.4.1946. Пл. 15,1 тыс.км², Нас. 932 тыс.чал., гарадскога 78% (1996). Сярод насельніцтва 8,5% беларусаў. Цэнтр — г.Калінінград. Найб. гарады: Савецк, Чарняхоўск, Балтыйск, Гусеў, Неман, Піянерскі.
Прырода. Паверхня К.в. — слабаўзгорыстая раўніна. На Пн частка тэр. апускаецца ніжэй узроўню мора (польдэры) і агароджана ад затаплення дамбамі. На ПдУ — Балтыйская града (выш. да 231 м). Уздоўж узбярэжжа Балтыйскага м. і яго заліваў (Куршскі і Калінінградскі) на 140 км паласа пясчаных пляжаў, т. зв. «Бурштынавы бераг». На Куршскай касе (даўж. 98 км, шыр. да 4 км) і Балтыйскай, ці Віслінскай, касе (даўж. 65 км, шыр. да 2 км) пясчаныя дзюны (выш. да 60 м, шыр. да 1 км). Карысныя выкапні: бурштын (80% сусв. запасаў), фасфарыты, глаўканіты, каменная соль, газ, нафта, буры вугаль, торф, буд. матэрыялы, мінер. вада. Клімат пераходны ад марскога да ўмерана кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2,6 °C да -4,8 °C, ліп. ад 15 да 17 °C. Гадавая колькасць ападкаў 650—700 мм. Рэкі належаць да бас. Балтыйскага м., галоўныя Нёман (з прытокам Шэшупе) і Прэголя (з прытокам Лава). Суднаходныя. Больш за 100 азёр, 7% тэр. забалочана. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам больш за 15% тэр. (елка, хвоя, дуб, граб, бук). Нац. парк — Куршская каса.
Гаспадарка. К.в. з’яўляецца індустр. раёнам з развітой сельскай гаспадаркай. Асн. галіны прам-сці: харч. (рыбная, мясная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (папера, кардон, мэбля), маш.-буд. (абсталяванне для рыбнай прам-сці, малыя ракетныя рухавікі для штучных спадарожнікаў Зямлі, пад’ёмна-трансп. і электратэхн. абсталяванне, вагоны-самазвалы, суднарамонт), лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча і апрацоўка бурштыну (ювелірныя вырабы, лакі, фарбы). На тэр. К.в. ў 1991 засн. свабодная эканам. зона «Бурштын» (радыё- і электронная прам-сць, суднабудаванне, абсталяванне для харч. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўка рыбы і інш. марскіх прадуктаў, міжнар. турызм). Малочна-мясная жывёлагадоўля, мясная і беконная свінагадоўля, птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (азімая пшаніца, жыта, ячмень). Вырошчваюць травы, караняплоды, бульбу, агародніну. Развіваецца садоўніцтва. На тэр. К.в. густая сетка чыгунак і аўтадарог. Гал. чыгунка Калінінград—Каўнас, аўтадарога Калінінград—Вільнюс. Незамярзаючыя марскія парты — Калінінград і яго аванпорт Балтыйск. Курорты: Светлагорск, Піянерскі, Зеленаградск.